Вынікі конкурсу творчых работ “Каледж. Учора. Сёння. Заўтра”

У 2020 годзе Ваўкавыскі каледж УА “ГрДУ імя Янкі Купалы” святкуе сваю 80-ю гадавіну. Да гэтай значнай падзеі прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў, адно з іх – конкурс творчых работ “Каледж. Учора. Сёння. Заўтра”, вынікі якога былі нядаўна падведзены. Конкурс меў на мэце фарміраванне высокай культуры моладзі; захаванне культурнай спадчыны і традыцый каледжа; выхаванне любові і павагі да Ваўкавыскага каледжа; навучанне моладзі рацыянальным і эфектыўным тэхналогіям падрыхтоўкі і стварэння вершаў, эсэ; фарміраванне ў моладзі спецыяльных навыкаў да напісання творчых прац; выхаванне духоўных каштоўнасцей, любові і павагі да ўстановы адукацыі. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўсе дадзеныя задачы былі дасягнуты. Удзельніцы конкурсу прадэманстравалі ў сваіх работах глыбокае раскрыццё зместу тэмы, падкрэсленую суб'ектыўнасць выказвання. У работах яны арыентаваліся на жывую гутарковую рускую і беларускую мову. У іх работах арганічна спалучаліся права на дадумванне, вымысел, камунікатыўнасць, праблемнасць, вобразнасць, граматнасць.

Аднак кожны конкурс – гэта спаборніцтва, таму ў выніку граматы атрымалі:

Хмарук Марыя – за даследчы характар работы;
Пытляк Дзіяна і Данцэвіч Вераніка – за прафарыентацыйную накіраванасць работы;
Малючок Валерыя – за арыгінальнае асвятленне дзейнасці каледжа ў нашы дні;
Філон Марыя – за лірычны характар работы.

Прызавыя месцы былі размеркаваны наступным чынам:
1 месца – Сілкова Анастасія;
2 месца – Целеш Валерыя, Суліма Мілана;
3 месца – Качанава Наталля.


Хочацца падкрэсліць, што дадзенае мерапрыемства мела білінгвістычны характар. Права выбару мовы, безумоўна, за ўдзельнікамі. Усе, за выключэннем Сілковай Анастасіі, пісалі па-руску. Тым не менш журы ў складзе выкладчыкаў-філолагаў аднагалосна аддало перавагу гэтай рабоце. У арыгінальнай мастацка-дакументальнай тканіне яе эсэ паядналіся высокі інтэлектуальны ўзровень юнай пісьменніцы, творчы падыход выканання, шчырая любоў да сваёй alma mater, выдатнае веданне яе гісторыі, шчыры клопат за яе будучыню, у чым вы можаце пераканацца, пазнаёміўшыся з гэтым творам.

Н.В. Лазарчык

Каледж. Учора. Сёння. Заўтра

Анастасія Сілкова

Я – навучэнка Ваўкавыскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”, які рыхтуе настаўнікаў пачатковых класаў, замежнай мовы, тэхналогіі і выяўленчага мастацтва, а таксама выхавальнікаў, дызайнераў, спецыялістаў у сферы турызму.

Наша ўстанова адукацыі ў сваім развіцці прайшла пачэсны шлях. Яна мае сваю гісторыю і свае традыцыі. Каледж быў заснаваны ў 1940 годзе і дзейнічаў да пачатку Вялікай Айчынай вайны. Сваю працу ён узнавіў ужо ў 1944 годзе. На той час ва ўстанове атрымліваў адукацыю 101 студэнт і працавалі 11 выкладчыкаў. А першы выпуск адбыўся ўжо ў 1946 годзе, і 16 выпускнікам была прысвоена кваліфікацыя “Настаўнік пачатковых класаў”. А ў 1982 годзе быў пабудаваны сучасны будынак вучылішча. У гэты ж час пачалася падрыхтоўка па спецыяльнасці “Працоўнае навучаннне”. У няспынным развіцці знаходзілася педагагічнае вучылішча. Адкрываліся новыя спецыяльнасці: у 1997 годзе – замежная мова (англійская), а ў 2002 годзе – нямецкая мова. Ваўкавыскае падагагічнае вучылішча было рэарганізавана ва ўстанову адукацыі “Ваўкавыскі педагагічны каледж” у тым жа 2002 годзе. У 2003 годзе пачалася падрыхтоўка спецыялістаў спецыяльнасці “Тэхналогія. Выяўленчае мастацтва”. А ў 2004 годзе ўстанова была рэарганізавана ў Ваўкавыскі педагагічны каледж установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. У 2006 годзе ў Ваўкавыскі каледж установы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. У 2008 і 2010 гадах былі адкрыты спецыяльнасці “Дызайн”, “Турызм і гасціннасць”, “Дашкольная адукацыя”.

Наш каледж багаты на знакамітых выпускнікоў, якіх заўсёды будуць памятаць сцены ўстановы адукацыі, пра якіх будуць заўсёды гаварыць з гонарам. Гэта Сцяцко Павел Уладзіміравіч – прафесар кафедры беларускага і тэарэтычнага мовазнаўства ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук; Ярмусік Эдмунд Станіслававіч – дэкан факультэта гісторыі і сацыялогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар гістарычных навук, прафесар; Прэдка Святлана Уладзіміраўна – старшыня Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў; Кашанкова Лілія Васільеўна – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь; Сцепаненка Ірына Браніславаўна – намеснік начальніка ідэалагічнага аддзела Гродзенскага аблвыканкама; Навасад Тамара Іванаўна – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь; Данілевіч Таісія Іванаўна – начальнік кіравання аддзела адукацыі Мінскага аблвыканкама; Ігнацік Вячаслаў Уладзіміравіч – намеснік пракурора Гродзенскай вобласці, кандыдат юрыдычных навук; Апімах Мікалай Антонавіч – БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Іх спіс можна прадаўжаць бясконца! Іх заўсёды будуць ставіць у прыклад навучэнцам.

Ваўкавыскі каледж ганарыцца добрымі традыцыямі: правядзенне навукова-практычных канферэнцый, педагагічных чытанняў, метадычных дэкад цыклавых камісій, работа школы метадычнага майстэрства, работа творчых груп, майстэрняў, правядзенне семінараў-практыкумаў, майстар-класаў, комплексная дыягностыка метадычнай дзейнасці і вызначэнне метадычнага рэйтынга кожнага выкладчыка, падвядзенне вынікаў метадычнай дзейнасці ў форме “метадычнага кафэ”, метадычнай прэзентацыі, справаздачы, злёт “Нашы зоркі” (ушанаванне лепшых навучэнцаў каледжа), вечары сустрэч з выпускнікамі, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, конкурсы мастацкай самадзейнасці, работа гісторыка-краязнаўчага музея, стварэнне летапісу каледжа, работа грамадскага аб’яднання БРСМ, валанцёрскага атрада “Праметэй”, дапамога сельскагаспадарчым установам, падарожжы і экскурсіі, удзел у гарадскіх і абласных спартыўных спаборніцтвах. Ніколі не забудзецца экскурсія ў Рэспубліку Польшча. Балтыйскае мора, яго пясочак, хвалі, караблі, грандыёзныя старажытныя замкі…

У нашым каледжы нават ёсць гісторыка-краязнаўчы музей. У ім захоўваюцца пісьмовыя дакументы, прылады працы, прадметы побыту жыхароў беларускіх зямель, людзей, што жылі да нашых дзён. Тут ёсць каменная сякера, зубіла, рэшткі глінянага посуду, каскі салдат, гільзы, рэшткі зброі, лісты з фронту, карта нямецкага салдата, прылады працы, прадметы побыту і адзенне жыхароў Ваўкавышчыны і прылягаючых раёнаў канца ХІХ – першай паловы ХХ стагоддзяў. Таксама тут ёсць інфармацыйныя стэнды і нават цікавыя, незвычайныя “шпаргалкі” студэнтаў. Гэтыя маўклівыя сведкі мінуўшчыны знаёмяць навучэнцаў і гасцей каледжа з гістарычным мінулым нашай малой Радзімы.

Таксама ў каледжы ёсць гімн і лагатып. Гімн здзіўляе сваёй меладычнасцю, напеўнасцю. Адчуваецца прыналежнасць да вялікай студэнцкай сям’і. Лагатып мае прыгожы блакітны колер, які сімвалізуе неба, поспех. Белы колер сімвалізуе сацыяльную еднасць, традыцыйнасць, праведнасць. Літара У абрамлена белай паласой, таксама белым колерам намаляваны літары ВК (Ваўкавыскі каледж), аснова ў выглядзе дзвюх гарызантальных ліній “ступеняў” і пуцяводная зорка ў левым верхнім вуглу літары В.

Кабінеты ў нашым каледжы светлыя, прасторныя і зручныя. Яны абсталяваны ўсім неабходным. У чытальнай зале і кабінеце інфарматыкі ёсць камп’ютары. У каледжы выдатная бібліятэка, у якой змяшчаюцца разнастайныя энцыклапедыі і слоўнікі, кнігі класікаў і сучасных пісьменнікаў. А яшчэ ёсць актавая зала, дзе праводзяцца канцэрты, конкурсы, мерапремствы. Нядаўна быў конкурс чытачоў “Мінута славы”, на якім выступілі сапраўды таленавітыя студэнты і здзівілі нас эмацыянальным выразным чытаннем на замежнай мове.

Спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” даволі папулярная. Я люблю дзяцей і мару свой лёс звязаць са школай, вучыць дзяцей здабываць веды. Выпускнікі маёй спецыяльнасці будуць першымі настаўнікамі маленькіх вучняў. А колькі радкоў прысвечана першаму настаўніку! Мне так здаецца, што ён найбольш запамінаецца дзецям. Аб ім заўсёды памятаюць, нават калі становяцца дарослымі.

Збудзіў ля школы раніцу
Залівісты званок,
Вясковая настаўніца
Спяшаецца на ўрок.
Сустрэчным усміхаецца
Прыветна, як заўжды,
І кожны з ёй вітаецца –
Стары і малады.
“Дабраніцы!Дабраніцы!” –
Чуваць з усіх бакоў.
Матуля і настаўніца –
Святлей не знаю слоў.

Зараз гавораць, што ў будучыні камп’ютар заменіць настаўнікаў. Але я ў гэта слаба веру, таму што любоў да чалавека, да прыроды, да сваёй зямлі ён не зможа выхаваць. Хіба можа камп’ютар замяніць усмешку настаўніка, дабрыню вачэй, яго ласкавыя словы, звернутыя да вучня?

Магчыма, у будучыні ў каледжы з’явіцца многа новых спецыяльнасцей, якія будуць вельмі цаніцца. Ужо ва ўсіх кабінетах на кожным стале будуць камп’ютары для работы ў час заняткаў. Яны будуць замяняць падручнікі. Пасля заняткаў студэнты не будуць спяшацца дамоў, бо будзе вельмі многа музычных, спартыўных, экалагічных гурткоў, якія дазволяць таленавітым навучэнцам раскрыць свае здольнасці і заняцца любімай справай. Каля навучальнай установы з’явіцца прыгожы невялічкі скверык, дзе можна будзе адпачыць ў вольны ад заняткаў час. У каледж штогод будуць паступаць матываваныя, адказныя, добрасумленныя дзяўчынкі і юнакі, якія прадоўжаць добрыя традыцыі, закладзеныя ў далёкім 1940 годзе. А слава аб Ваўкавыскім каледжы будзе разыходзіцца ў розныя куточкі Беларусі і за яе межы разам з таленавітымі выпускнікамі. А выкладчыкі каледжа розных пакаленняў, бясспрэчна, будуць ганарыцца сваімі выпускнікамі!

І як бы не змяняўся час і людзі, у памяці кожнага выпускніка будуць жыць лёсавызначальныя словы:

Слаўся калыска прагрэсу і вопыту,
Таленту бацька, жыві!
Слава навукі магутнаму волату,
Скарбу майстэрства і мудрасці золату,
Ветразю шчырай любві!

Апублікавана 4 лютага 2020 г.


Перейти в архив всех новостей
ВЕРСИЯ ДЛЯ СЛАБОВИДЯЩИХ

ДО 85-ЛЕТИЯ КОЛЛЕДЖА:


Поиск по сайту


Последние новости
ТОП-10

Мастер-класс "Краски природы"
(20.11.2024)


Первенство по баскетболу среди групп нового набора
(20.11.2024)


Диалоговая площадка «Молодежь против терроризма и экстремизма»
(20.11.2024)


Первое заседание Гродненского областного совета обучающихся колледжей
(18.11.2024)


Задуматься о своей гражданской позиции
(18.11.2024)


Открытый учебное занятие по предмету «Основы специальной психологии и коррекционной педагогики»
(16.11.2024)


Областные соревнования по настольному теннису
(16.11.2024)


Не прожигай свою жизнь!
(15.11.2024)


«Дети на прицеле» – новый фильм-расследование ОНТ
(15.11.2024)


Танцевальный марафон
(15.11.2024)



Волковысский колледж
УО "Гродненский государственный университет им.Я.Купалы"
Телефон:(8-01512) 6-77-25, Факс: (8-01512) 5-19-03
E-mail: vk@grsu.by

© 2018. Все права защищены. Регистрационное свидетельство №4141102115 от 20.07.2011

ВЕРНУТЬСЯ НА ГЛАВНУЮ